Жыццё, традыцыі і песні вёскі Баравікі

“Баравічанка” заспявае, і будуць жыць Баравікі!
На сцэне Дома культуры ўжо чакае гасцей і слухачоў народны ансамбль народнай песні “Баравічанка”. За 27 год аўдыторыя ансамбля пашырылася. Ён сустракаў песняй рэпарцёраў з тэлебачання і журналістаў, развітваўся з некаторымі ўдзельнікамі калектыву і вітаў новых, атрымаў ганаровае званне народнага. А пачыналася ўсё з мастацкай самадзейнасці.
— Мы стараемся прапагандаваць спадчыну нашых бацькоў, мясцовыя звычаі, абрады, традыцыі. Праз песню да жыцця вяртаюцца каляндарныя, працоўныя, сямейныя і народныя святы. Такім чынам, “Баравічанка” захоўвае самабытнасць беларускай вёскі і аданачасова пастаянна знаходзіцца ў пошуку новага, — распавядаюць удзельнікі ансамбля.
Дарэчы, намаганнямі калектыву адрадзіліся ў вёсцы народныя абрады. Яны суправаджаюць усе беларускія святы ў Баравіках — “Каляды”, “Шчадрэц”, “Масленіцу”, “Гуканне вясны”, “Сёмуху”, “Зажынкі”, “Дажынкі”.
— Сёння наш калектыў — 13 чалавек, усёй душой адданых народнай творчасці. Гэта і моладзь, і сталыя людзі: ад 30 да 80 гадоў, — заўважае кіраўнік “Баравічанкі” Вера Ждановіч. — Яны ўсе прыйшлі ў ансамбль, каб песняй уславіць родную зямлю і родную мову.
Сапраўды, народныя песні ў выкананні “Баравічанкі” — гэта непарыўная повязь з традыцыямі продкаў. Але ў рэпертуары ансамбля ёсць не толькі беларускія напевы. Жыхары Баравікоў прыехалі ў вёску з розных куткоў. Прывезлі сюды калыханку, якую ў дзяцінстве спявала ім бабуля перад сном, абрадавую песню з Палесся, адкуль родам кіраўнік ансамбля. Знайшла сваё ўвасабленне малдаўская, украінская музычная спадчына.
— З вялікім задавальненнем мы выконваем і аўтарскія песні. Словы і музыку да іх пішуць жыхары вёскі Баравікі — Васіль Семянюк, Віктар, Аляксандр і Вольга Нядзвецкія.
Кранае сэрцы баравікоўская мелодыя. Ансамбль пастаянна абнаўляе рэпертуар, адточвае свой прафесіяналізм, майстэрства.
— Мы заўсёды прымаем удзел у розных раённых мерапрыемствах. Выступалі і па-за межамі раёна: на абласным кірмашы “Вясновыя напевы”, у Дзень Перамогі на Кургане Славы, абласных фестывалях-кірмашах “Дажынкі”, рэспубліканскім кірмашы… Спіс будзе до-о-о-оўгі, — пявуча працягвае Вера Пятроўна.
У Баравіках адчуваеш атмасферу сапраўднай беларушчыны. Яна — у стрыманасці і дасціпнасці жыхароў, у шчырай іх усмешцы і гасціннасці, шырока раскрывае сваю душу на сцэне, і дубчык за дубчыкам сплятаецца ў непаўторныя вырабы народных майстроў.
Шчодрасць душы Лявона Протаса
Ліецца музыка, разносіцца песня па наваколлі. Не сумуюць і народныя майстры, завіхаюцца над чарговым вырабам. Справу для душы мае і Лявон Протас. Але не будзем забягаць наперад, пачнём спачатку.
— Бацька мой — літовец, а я — беларус! — кажа наш герой. — Бо я нарадзіўся і вырас тут, на зямлі беларускай.
Дзяцінства Лявона Люцыянавіча прайшло ў Валожынскім раёне, у невялікім мястэчку Івянец, што стаіць на Волме. Потым пазнаёміўся з дзяўчынай, ажаніўся. І ў 1973 годзе прыехаў на радзіму жонкі, у вёску Баравікі.
Народны майстар Лявон Протас — часты госць у бібліятэцы і Доме культуры
37 год Лявон Протас працаваў машыністам помпавых установак. Потым некалькі год — паштальёнам. А цяпер ездзіць у суседнюю вёску Томкавічы, на прадпрыемства “Арнімед”.
— Мне 71 год, а я працягваю рабіць. Не магу сядзець без справы, — прызнаецца Лявон Люцыянавіч.
А вольны час ён прысвячае… кошыкам. Так-так, вам не падалося. Руплівы гаспадар добра ведае — у штодзённым побыце ўсё спатрэбіцца. Вось і пляце старанна кашы, радок за радком, акуратненька. Гледзячы, як ён завіхаецца каля сваіх вырабаў, літаральна разумееш вядомую прыказку “Колькі б вяровачцы ні віцца, а канец будзе… добры!”. І з’явіцца новы кошык.
Лявон Протас знайшоў для сябе яшчэ адзін занятак — вяжа венікі для лазні. Заўзятыя парыльшчыкі маюць па дзесяць відаў венікаў. Таму і заказаў у Лявона Люцыянавіча хоць адбаўляй.
— Я ж яшчэ і сок збіраю. Што сабе, што людзям даю.
Вось яна, бязмежная беларуская дабрыня. Лепшыя яе праявы сустракаеш тут, у прыгожым куточку з цудоўнай назваю Баравікі.
Каштоўны падарунак Баравікоўскай бібліятэцы ад малдаваніна Васіля Семенюка

Жыццё пляцецца, як лаза…
Аляксандр Змачынскі жыве ў Баравіках ужо 20 год. Нарадзіўся ён на Стаўбцоўшчыне, жыў і працаваў у Фаніпалі. Але жыццё людское — горны серпанцін. Лёс Аляксандра Іосіфавіча таксама зрабіў раптоўны паварот. Вырашыў ён пераехаць у вёску Баравікі. З таго часу добра паладзілі яны з Марыяй Антонаўнай, загадчыцай мясцовога Дома культуры. Спеліся на адной сцэне і ў адным калектыве, знайшлі агульную мову і наладзілі сумесны быт.
— Да таго як пераехаць, я ўжо добра ведаў, што такое трымаць гаспадарку. У Фаніпалі, які не так даўно стаў горадам, у мяне была свая хата, сад, агарод, — успамінае Аляксандр Іосіфавіч.
Цяпер такой вялікай гаспадаркі ён не трымае. Нявыгадна. Затое знайшоўся час на любімае хобі.
— Я займаюся рамонтам, у мяне ёсць два гаражы. Работы там — непачаты край! Таксама, як і Лявон Люцыянавіч, раблю кашы. Толькі з лазы. За сезон зрабіў такіх кошыкаў больш за сто штук.
Сям’я, гаспадарка, два гаражы і любімыя хобі — баравікоўскія будні Аляксандра Змачынскага
Прыродны матэрыял Аляксандр Змачынскі збірае сам: па лясах, лугах, канавах. Добра ведае Дзяржынскі раён, часам выбіраецца і ў суседнія.
— На адзін кош патрэбна прыкладна 80—90 дубчыкаў лазы. І падбіраць яе трэба ўважліва, з абы-якой не спляцеш.
Заўважылі, як бягуць па кошыках майстра рознакаляровыя палосачкі? Пад такі дызайн лазу варта нарыхтоўваць асабліва старанна, падбіраць чырвоныя, зялёныя, жоўтыя дубчыкі.
— Вясной буду пакрываць кашы спецыяльным лакам. Гэта вельмі прыгожа! Да таго ж — практычна. Даўжэй служыць будуць.
Кожны год радуюць аднавяскоўцаў клумбы, якія ўласнаручна зрабіў Аляксандр Іосіфавіч. Цікава, як жа ён асвоіў рамяство?
— Было мне 12 гадоў. Жылі мы тады ў вёсцы на Стаўбцоўшчыне. Быў у мяне знаёмы, значна старэйшы за мяне, з якім мы кароў пасвілі. Ён мне раз паказаў, як трэба плесці, другі… І ў 1961 годзе я ўжо плёў такія кашы, што нават сам мог у іх змясціцца! — смяецца Аляксандр Іосіфавіч.
Філіял “Праўда-Агра” агракамбіната “Дзяржынскі” размяшчаецца ў вёсцы Баравікі. Шмат мясцовых жыхароў знайшлі тут сваё прызванне
— У вёсцы Баравікі — 125 падворкаў, дзе жывуць 316 чалавек. Пераважна маладое і працаздольнае насельніцтва, — расказаў старшыня Дабрынёўскага сельсавета Міхаіл Курак. — Некалькі год таму моладзь пачала будавацца ў вёсцы. Так з’явілася новая вуліца — Майская.
Лекі ад любой хваробы
Праца, гаспадарка, сям’я… І на песню час заўсёды знойдзецца! Збіраюцца яны, як на свята, усім калектывам два разы на тыдзень у родным Доме культуры. Гутараць, спяваюць, дзеляцца навінамі. На жаль, не абмінула вёску пандэмія. Добра, што тут ёсць свой лекар — фельчар ФАПа Іна Белагрыўцава.
Да фельчара Іны Белагрыўцавай жыхары Баравікоў часта звяртаюцца, каб памераць ціск ці выпісаць лекі. А часам і проста паразмаўляць.
У Баравікі Іна Уладзіміраўна трапіла па размеркаванню. Амаль трыццаць год таму, першага красавіка.
— Як першакрасавіцкі жарт, — весела кажа медык. — Мне спачатку прапанавалі застацца ў Мінску, але я не захацела. Дзве мае добрыя сяброўкі ехалі ў Дзяржынскі раён, вось і я падалася за імі. У вёску Баравікі. Яе нават на карце не было. Я хвалявался спачатку — што ж там за вёска такая? А калі прыехала, быццам камень з душы ўпаў.
На ўчастку Іны Уладзіміраўны — 541 чалавек. Дзеці да года, школьнікі, дарослыя, работнікі сельскагаспадарчых майстэрань… Тут ужо не да песень — справа сур’ёзная.
— Пандэмія змяніла ўмовы нашай працы. Хаця ў “бруднай” зоне мы не былі. Калі што, тэлефанавалі ў гарадскую паліклініку. У першую хвалю пацыентаў з каранавірусам было мала, а вось другая закранула сем’і, хворых пабольшала. Але пакуль што паспяхова змагаемся з хваробай.
На самай справе, у Баравікоў своеасаблівы імунітэт ад віруса. Здагадаліся? Правільна, песня! Ну і, канешне, добры настрой і гумар.
Прыгожыя брамкі кожны дзень ветліва сустракаюць баравікоўскіх вучняў.
Дырэктар Баравікоўскай школы Аляксандр Васількевіч
“Мы ганарымся кожным дасягненнем”
Ёсць у Баравіках і свая школа. Пра яе распавяла намеснік дырэктара Ала Занеўская.
— На сённяшні дзень у нас 53 навучэнцы. У класах — ад 4 да 9 чалавек. Педагагічны калектыў з 18 чалавек, ёсць таксама тэхнічныя работнікі. Два настаўнікі зараз знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску, і мы гэтаму вельмі рады. Маленькія дзеткі — нашы будучыя вучні.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры і па сумяшчальніцтву намеснік дырэктара Ала Занеўская расказала, як працуе са сваімі вучнямі па шведскай методыцы
У сельскіх школах часам узнікаюць праблемы з кадрамі, у Баравіках жа настаўнікаў хапае. Два педагогі ездзяць выкладаць тут з фаніпальскай гімназіі. Ёсць і заняткі па інтарэсах, і факультатыўныя заняткі, і прадметнай накіраванасці. А з трэцяга класа дзяцей навучаюць фінансавай граматнасці.
— Сённяшнія вучні — дзеці нашых колішніх выпускнікоў, большасць якіх працуе ў філіяле “Праўда-Агра”. Хачу шчыра адзначыць, што ў свой час мы вырасцілі добрае пакаленне. Сярод нашых навучэнцаў няма людзей асацыяльных паводзін, сацыяльна небяспечных сямей, ніхто з нашых вучняў не стаіць на ўліку. Школа ў нас невялікая, таму мы працуем на кожнага і ганарымся нават маленькімі перамогамі вучняў і выпускнікоў, — кажа Ала Занеўская.