Главная  – Репортаж  –   Люди

Праект "Землякі" вандруе па Малюшыцкаму сельсавету

02.11.2021
"Полымя"
Праект "Землякі" вандруе па Малюшыцкаму сельсавету

Залатое вяселле: гісторыя аднаго кахання

8 мая 2021 года Мікалай і Алена Курдун з вёскі Волца (на фото выше) адзначылі залатое вяселле. За пяцьдзясят гадоў сумеснага жыцця яны сталі адзіным цэлым. Гледзячы на іх, з упэўненасцю можна сказаць, што гэтыя людзі шчыра любяць адзін аднаго і падтрымаюць у любой жыццёвай сітуацыі.

Муж з жонкай ведалі адзін аднаго амаль усё жыццё, паколькі жылі па суседстве, разам хадзілі на танцы, працавалі ў адным калгасе. Аднойчы, разгаварыўшыся, зразумелі, што ім наканавана быць разам.

Са слоў Алены Канстанцінаўны, яе муж не проста дапамагае па гаспадарцы, але і заўсёды радуе яе добрым словам, а якія кошыкі пляце – не налюбавацца!

А вось Мікалай Канстанцінавіч лічыць жонку сапраўднай чараўніцай. Што ні прыгатуе – заўсёды смачна. У хаце ўтульна і цёпла. А побач усё жыццё самая прыгожая жанчына ў свеце – што яшчэ для шчасця трэба?

У 1971 годзе нашы юбіляры згулялі вяселле, выхавалі траіх дзяцей, абзавяліся чатырма ўнукамі і двума праўнукамі. Старэйшы сын працуе трактарыстам у Малюшычах, у яго двое дзетак, дачка Аліна і сын Саша. Сярэдні сын з жонкай пераехалі ў Мінскую вобласць, у Крупіцы, таксама працуе трактарыстам, у яго двое сыноў, Жэня і Лёша. У Жэні 15 кастрычніка нарадзіўся сын, а Аляксей нядаўна ажаніўся. Дачка Таццяна працуе медсястрой у Лідзе, займаецца кавіднымі пацыентамі.

Алена Канстанцінаўна перакананая, што галоўны заклад шчаслівай сям’і – уменне саступаць адзін аднаму, узаемапавага і падтрымка. Калі ўсё гэта ёсць, то зусім не заўважаеш ніякіх перашкод на шляху.

«Жыццё — тое, што наканавана лёсам…»

У шчаслівай і дружнай сям’і пануюць любоў, давер, узаемаразуменне. У ёй усе адзін за аднаго і адзін за ўсіх. Старэйшыя клапоцяцца пра малодшых, а тыя ў сваю чаргу адказваюць ім любоўю і пяшчотай.

Калі прыходзіш на падворак сям’і Кузьміч у аграгарадку Малюшычы, што на вуліцы Зарэчнай, здаецца, што трапляеш у сапраўдную казку. Тут арэлі, горка, пясочніца, батут, перакладзіны, вяровачная лесвіца, гімнастычныя кольцы.

 

— Усё гэта, акрамя батута, зрабіў сваімі рукамі мой Мікалай, — гаворыць пра мужа Вольга Канстанцінаўна.  — Ён і зваршчык, і каваль, і сталяр, і цясляр. Пачалося з таго, што ўнукі з малых арэляў выраслі, і давялося зрабіць большыя. Унукаў сямёра: двое ў дачкі Наталлі, двое ў сына Мікалая, трое — у пляменніка. Ён круглы сірата, дапамагалі яму стаць на ногі, падтрымліваем у выхаванні яго дзяцей. Унукам ад 2 да 15 гадоў.

Мікалай Мікалаевіч на заслужаным адпачынку. Працаваў загадчыкам ферм «Волца» і «Малюшычы». Вольга Канстанцінаўна адпрацавала 28 гадоў у заатэхніі. Сын Мікалай прадоўжыў бацькоўскую справу — звязаў  жыццё з сельскай гаспадаркай.  Ён — галоўны інжынер КСУП «Царука». Дачка Наталля выбрала медыцыну. Зараз знаходзіцца ў  водпуску па доглядзе за двухгадовым сынам Ільёй. Маладая сям’я жыве ў г. Баранавічы. Муж ездзіць у дальнія рэйсы, і яна з дзецьмі прыехала да бацькоў. Бабуля і дзядуля ўнукам вельмі рады.

 

— Калі дзеці былі малыя, то шмат працавалі і займаліся гаспадаркай, — успамінае Вольга Канстанцінаўна. — Не было часу пацешыцца з імі. Зараз усю любоў аддаём унукам. Дапамагалі гадаваць сынавых, цяпер — дачкі.

Сорак гадоў крочаць разам па жыцці Вольга Канстанцінаўна і Мікалай Мікалаевіч Кузьмічы. Вольга родам з Брэсцкай вобласці, а Мікалай — з вёскі Паланая. Пазнаёміліся ў Ваўкавыскім саўгасе-тэхнікуме, былі старастамі паралельных груп, перад размеркаваннем пажаніліся.

— Я хоць і скончыла тэхнікум з адзнакай, — гаворыць жанчына, — але паехала за мужам, ён быў калгасным стыпендыятам. Працавалі ў «Маяку», затым пераехалі на працу ў калгас імя Калініна. Засталіся ў Малюшычах назаўсёды.

Усяго давялося перажыць сям’і Кузьміч. У 1993 годзе згарэў дом з усёй маёмасцю ў Малюшычах. Суседка пусціла ў хату перазімаваць, а вясной пачалі будаваць сваю. «Гэта не хочацца ўспамінаць, але ў той час родныя, суседзі, сябры аказалі падтрымку», — прызнаецца гаспадыня.

Напрыканцы сустрэчы Вольга Канстанцінаўна выказала меркаванне, што жыццё — тое, што наканавана лёсам. А яшчэ трэба паклапаціцца і самім, каб зрабіць яго шчаслівым.

Сакрэт даўгалецця Алены Гоцка

За апошнія 90 гадоў Беларусь пацярпела шмат пакут ад рэвалюцый, Другой сусветнай вайны, ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У свеце была адкрыта ядзерная зброя, здараліся страшныя ўспышкі невядомых хвароб: эбола, каранавірус. Быў здзейснены велізарны прагрэс у развіцці высокіх тэхналогій і адукацыі чалавецтва. Усе гэтыя падзеі адбыліся за жыццё Алены Гоцка, 89-гадовай жыхаркі вёскі Новыя Руткавічы. На долю Алены Мікалаеўны выпалі галоднае дзяцінства, жыццё пад польскай уладай, вайна, канцлагер. Але нягледзячы на такую колькасць нягод яна змагла захаваць у сабе пазітыў і любоў да жыцця.

– Я нарадзілася 1 кастрычніка 1932 года, можна сказаць, я з нараджэння «акцябронак», таму заўсёды маладая, – з усмешкай адзначае Алена Мікалаеўна. – З’явілася на свет яшчэ ў мястэчку Цырын пры Польшчы. У той час у нас не было адасобленых будынкаў школ, дзеці хадзілі займацца ў кватэры, дзе праходзілі ўрокі. Калі мне было 5, мой старэйшы брат пайшоў у першы клас. Ну а як жа я без Федзі, пайшла з ім у першы дзень. І не толькі была маладзейшая за ўсіх, але і самая дробненькая. Настаўніца мяне ўбачыла, пасадзіла да сябе на стол, як цяпер памятаю. А калі прыйшоў час мне самой ісці ў першы клас, я ўжо не хацела садзіцца за парту, мне трэба было на стол. Доўга мяне ўгаворвалі, тлумачылі, і ўсё ж я паддалася. Вайна, вядома, адклала свой адбітак і на вучобе, і на жыцці. Два школьных класа я прапусціла з-за канцлагера і вяртання на Радзіму. Як вярнулася, усе мае сяброўкі былі ўжо ў 7-м, а я павінна была быць яшчэ ў пятым. Але дырэктар пайшоў насустрач, дазволіў ісці адразу ў 7-ы, калі буду спраўляцца з праграмай. Яшчэ з тых часоў я марыла аб тым, што калі-небудзь сама буду настаўнікам. Усе мае цацкі былі маімі вучнямі, а навучала іх усяму, што ведала. У 1950 годзе я скончыла школу і пайшла вучыцца ў педагагічны інстытут, па заканчэнні якога студэнты атрымлівалі няпоўную вышэйшую адукацыю. Тады я мела права выкладаць рускую мову і літаратуру ў 5-7 класах. Паспела папрацаваць у Кудавіцкай, Падгайніцкай, Варанчанскай, Малюшыцкай і Асташынскай школах. У 1981 годзе перанесла інсульт, пасля чаго не змагла ўжо вярнуцца ў школу, хоць і вельмі хацела. Доўгія гады з-за гэтага сумавала, нават не хацела на лінейкі прыходзіць. Але праз час мяне ўгаварылі адвесці ўнучку на лінейку ў першы клас. Яе класным кіраўніком была маладзенькая настаўніца, якая сама першы раз прыйшла выкладаць у першы клас. Я ёй тады дапамагала, распавядала многае пра школу. Яна, дарэчы, пазней стала маёй нявесткай. Я магу цвёрда сцвярджаць, што працавала недарма, мае вучні – выдатныя адукаваныя людзі. Аднойчы адна з іх дапамагла маёй унучцы выкараскацца з вельмі цяжкай хваробы, а гэта дарагога варта.

Яшчэ ў Асташыне я пазнаёмілася з Аляксандрам Гоцка, ён тады дэмабілізаваўся з войска і прыехаў працаваць да нас фізруком. Жылі мы з ім па суседстве, я заўсёды слухала, як ён іграе на балалайцы, мандаліне, скрыпцы. Рука аб руку пражылі з ім крыху больш за 20 гадоў, але ў 1985 годзе я стала ўдавой. Нягледзячы на гэта, я не магу назваць сябе адзінокай бабуляй, бо ў мяне 3 дзяцей, 6 унукаў, адзін з іх нарадзіўся нават у адзін дзень са мной, яшчэ ў мяне 8 праўнукаў, старэйшай з іх 22 гады.

Сакрэт даўгалецця, па словах нашай гераіні, скрыты ў дабрыні. Трэба быць добрым чалавекам, нікому не жадаць зла, не павышаць голас, часцей усміхацца і шчыра кахаць.

Ісціны жыцця Івана Гіза

Як пражыць жыццё, каб не стаміцца? Каб на схіле гадоў, азірнуўшыся назад, не было шкадавання аб мінулым? Каб было што ўспомніць і паўтарыць, калі б спатрэбілася, многія старонкі жыцця? Каб не згубіць з гадамі любові да жыцця, працы, людзей?

Іван Фёдаравіч Гіз лічыць сябе малюшыцкім, тут прайшло ўсё свядомае жыццё. Жыве зараз адзін, жонку забралі нябёсы шэсць гадоў таму. З гэтым ніяк не можа змірыцца, хаця мае добрых дзяцей і ўнукаў. На іх пашанцавала: уладкаваліся ў жыцці, наведваюцца да бацькоўскага парога.

— Я чалавек адкрыты і веруючы, — гаворыць вясковец. — Гэта ад продкаў перадаецца. Бацькі хадзілі на богаслужэнні, і многія родныя вераць у Бога. Са спадарожніцай жыцця  пражылі 54 гады. Пажаніліся па любові, у сям’і панавала ўзаемаразуменне.

З юнацтва юнак прызвычаіўся да працы. Пасля заканчэння васьмі класаў мясцовай школы пайшоў працаваць у калгас імя Калініна паляводам. Затым служыў у арміі. Пасля службы пайшоў у мясцовую гаспадарку на паляводчыя работы.

Час унёс свае карэктывы ў працоўнае жыццё вяскоўца. Спыніўшы свой выбар на жывёлагадоўлі, накіраваўся на работу на ферму, дзе быў заняты на адкорме буйной рагатай жывёлы. Нават двух бычкоў вазіў на Выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў г. Маскву.

Аднак давялося яшчэ раз змяніць рэчышча сваёй працы. Іван Фёдаравіч меў правы трактарыста, і кіраўнік мясцовай гаспадаркі прапанаваў перайсці на трактар. Згадзіўся — і працаваў два дзесяцігоддзі. Яшчэ два гады на пенсіі апрацоўваў калгасную зямлю. Старанная праца адзначана ордэнам Пашаны, медалём «Удзельнік ВДНГ», шматлікімі граматамі, каштоўнымі падарункамі.

Сельскі жыхар заўсёды бачыў сэнс жыцця ў працы. Дома трымалі вялікую асабістую гаспадарку: каня, карову, свіней, птушку. Дзеці дапамагалі па дому і прывучаліся да працы.

— Я б яшчэ працаваў, каб жыла жонка, — прызнаецца субяседнік. — Мною такі сум авалодвае, ніяк не магу яе адпусціць. Хаця разумею, што так не павінна быць. Мне 84 гады, і я ў бальніцы ні разу не быў. За выключэннем толькі таго, калі крышталік у вачах замяняў. У сваім паважаным узросце адчуваю сябе здаровым. Малю Бога, каб толькі каранавірус не прычапіўся, таму і сцерагуся як магу. А ўвогуле, праца і любоў ідуць побач: гэта галоўныя ісціны жыцця. Першае дае занятак рукам, а другое авалодвае душой. Яны — вялікая сіла, якая робіць чалавека запатрабаваным і шчаслівым у жыцці.

Урокі любові і працавітасці перадаліся дзецям і ўнукам. Кожны з іх выбраў сваю жыццёвую сцяжынку. Сын Мікалай аддаўся свету мастацтва. Дачка Ала, выйшаўшы замуж за святара, служыць Богу. Сын Уладзімір — механізатар. Радуецца душа ў дзядулі за ўнукаў: атрымаўшы вышэйшую адукацыю, яны вызначыліся ў жыцці і наведваюць роднага чалавека. У такія хвіліны яго сэрца перапаўняецца любоўю за прадаўжальнікаў роду.

Жыццё ў вёсцы па закліку сэрца

Шматдзетная сям’я Дзмітрыя і Алены Коцікаў жыве ў вёсцы Баранавічы. Выбіраючы паміж жыццём у горадзе і вясковым побытам, яны без роздумаў выбралі другое.

– Я прыехала ў Баранавічы з вёскі Міратычы, уладкавалася на працу на МТФ «Машэвічы» лабарантам, – распавядае Алена Канстанцінаўна. – Дзіма тады працаваў у КСУП «Малюшычы», дзе мы і пазнаёміліся. Але каб быць бліжэй адзін да аднаго, ён перавёўся памочнікам брыгадзіра да мяне на ферму. Спачатку Дзіма прапанаваў паехаць у Навагрудак, але, разважыўшы, мы прыйшлі да таго, што вёску не прамяняем ні на што. У нас тут свая невялікая гаспадарка: свінні, куры, трусы. Тут свой сад, агарод, свежае паветра. Калі мы толькі стваралі сям’ю, тут быў дзіцячы садок, школа, цяпер, на жаль, школу закрываюць. Але ж ёсць транспарт, мы можам быць упэўненыя, што школьны аўтобус адвязе дзяцей у школу ад самага дома, забярэ іх са школьнага двара, гэта куды бяспечней перамяшчэнняў на грамадскім транспарце, як заведзена ў буйных гарадах. Тут няма актыўнай праезнай часткі, для дзяцей ёсць мноства гульняў і заняткаў на прыродзе з сябрамі. Няхай тут няма буйных гандлёвых цэнтраў, але пры наяўнасці машыны гэта зусім не здаецца праблемай, ад нас дабрацца да тых жа Карэліч або Навагрудка хутчэй, чым у гарадскім транспарце да буйнога супермаркета. Нават жывучы ў вёсцы, дзеці могуць развівацца, наведваць гурткі, дадатковыя заняткі. Для нас тут самае вялікае шчасце. Спакой, утульнасць, любоў і давер – гэта аснова нашага жыцця.

У нас вельмі дружная сям’я. Старэйшы сын Аляксандр вучыцца ў Навагрудскім гандлёва-эканамічным каледжы. Роме 5 гадоў, а Дашы 2,5 гадкі, яны ходзяць у дзіцячы сад. Рома марыць стаць пажарным, заўсёды сам рыхтуецца да конкурсаў у садку ад Карэліцкага РАНС, адзін раз нават заняў першае месца ў іх навагоднім конкурсе, глядзіць фільмы, відэаролікі, чытае кніжкі пра ратавальнікаў. Ведае аб бяспецы, напэўна, больш, чым мы самі. А Дашанька ўжо праяўляе сябе як сапраўдны доктар, заўсёды лечыць цацкі, брата і нават нас з татам. Кожнаму дзіцяці мы імкнёмся даць усё самае лепшае, выхаваць у іх галоўныя чалавечыя якасці і падарыць усё цяпло і клопат. Мы вельмі любім збірацца на святы ўсе разам, запрашаем нашых бабуль і весела праводзім час. Як мінімум два разы ў месяц да нас на выхадныя прыязджае старэйшы сын. Часам накрываем стол у доме, а часам арганізуем своеасаблівы пікнік у альтанцы або выбіраемся на прыроду. Я вельмі люблю гатаваць, заўсёды спрабую новыя рэцэпты і радую родных незвычайнымі смачнасцямі. Быць з сям’ёй для кожнага з нас – вялікае шчасце.

У нас 6 дзяцей і 11 кароў. І мы шчаслівыя

Сям’я Уладзіміра і Тамары Казарэз знаёмая многім у Малюшычах, бо ў іх ёсць вельмі вялікая нават па вясковых мерках уласная гаспадарка. Яны вырошчваюць бульбу, здаюць малако на продаж, трымаюць 11 дойных кароў, некалькі цялятаў. Ужо 25 гадоў яны жывуць у шлюбе і займаюцца ўласным участкам.

У сужэнцаў трое дзяцей. Арцём і Руслан – маладыя спецыялісты гаспадаркі КСУП «Малюшычы», працуюць інжынерамі, розніца ва ўзросце ў іх невялікая, усяго паўтара года. Заўсёды выручаюць адзін аднаго ў працы, і сям’ю без падтрымкі не пакінуць. Дачка Даша цяпер вучыцца ў 10 класе, марыць паступіць у медыцынскі універсітэт на стаматолага.

Акрамя сваіх дзяцей, у сям’і ёсць таксама і прыёмныя. Яны ўсе ўжо дасягнулі паўналецця, аднак дапамагаць бацькам не забываюць, прыязджаюць на канікулы з вучобы ці проста пагасцяваць. Дар’і споўніўся 21 год, яна скончыла Мінскі дзяржаўны медыцынскі каледж, працуе медсястрой у Мінскай інфекцыйнай бальніцы. Валерыі 20 гадоў, яна скончыла Мінскі чыгуначны каледж, цяпер працуе білетным касірам у Гродне. Уладзіміру 18 гадоў, ён скончыў Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, працуе зваршчыкам у КСУП «Малюшычы», жыве з сям’ёй.

– Калі пачыналі займацца гаспадаркай, думалі, вырастуць у нас памочнікі, будзе на каго потым пакінуць усё, – распавядае Тамара Казарэз. – Нягледзячы на тое, што дзеці заўсёды нам дапамагаюць ва ўсім, мы бачым, што ніхто з іх не рвецца да зямлі. Сельская гаспадарка не для іх. А мы самі жыцця без гэтага не бачым. Кожнае дзіця мы гадавалі ў любові, стараліся навучыць быць добрымі, справядлівымі, сумленнымі, таму перакананыя, што кожны з іх знойдзе свой асабісты шлях.

 

Матэрыялы падрыхтавалі Галіна СМАЛЯНКА і Наталля Сакалянская. Фота Наталлі Сакалянскай.

Смотреть все