Думаю пра маці - шкадую людзей… Адзін дзень са старшынёй сельвыканкама

Не сказаць, каб мы моцна дамаўляліся пра сустрэчу. Проста паведамілі нашаму апаненту, што ранкам ужо будзем ў яго кабінеце. А кабінет старшыні сельвыканкама - гэта у любы дзень своеасаблівы штаб жыцця рэгіёна. Звініць тэлефон на стале, падтрымлівае яго сотавы ў кішэні піджака. І кожнаму трэба адказаць, паслухаць, паабяцаць, дапамагчы.
Між іншым, мы не проста так узялі ды і прыехалі да старшыні Эйгердаўскага сельскага выканаўчага камітэта Эдуарда Эдвардавіча Юхневіча. Папярэднічаў гэтаму візіту амаль цэлы тыдзень, падчас якога ў рэдакцыю прыходзілі і людзі, і лісты па пошце. Самае дзіўнае, што ўсе яны датычылі менавіта гэтага чалавека. Людзі выказвалі яму сваю падзяку, жадалі здароўя, прасілі і падзякі надрукаваць, і ў газету пра старшыню допіс зрабіць. Адна з вясковак выказалася вельмі трапна:" Есць кіраўнікі мясцовай улады ад Бога, а ёсць - не дай Бог". Да таго, які "ад Бога", мы і адправіліся сонечным, але пранізліва халодным вераснёўскім раннем…
І вось не змаўкаюць тэлефоны, а мы, зусім не жадаючы паламаць запланаваны дзень гаспадара рэгіёна, вырашылі падладкавацца пад яго рэжым і пабачыць, пачуць, пагутарыць па ходу дзеяння. Размаўлялі таксама падчас паездкі.
Дзень на вёсцы не толькі ў старшыні сельсавета, але і ў кожнага дбайнага гаспадара пачынаецца яшчэ да таго, як сонца ўзыдзе. Эдуард Эдвардавіч - не выключэнне. Пакуль пачаць справы дзяржаўныя, патрэбна з хатнімі справіцца. А зараз, тым больш, восень, час копкі бульбы, яшчэ крыху раней - збору збожжа. Так, так. На пасадзе старшыні ён 11 гадоў. Да таго ў школе працаваў. І яшчэ тады ўзяў у арэнду зямлю ў калгасе. Усю сельгастэхніку прыдбаў. З тае пары і бульбу садзяць сям'ёй, і збожжа сеюць. І на тэхніцы ён працуе выключна сам. Таму занятыя і ранне, і позні вечар. Мой суразмоўца лічыць, што калі ты маеш зямлю, то маеш і найвялікшы клопат. Нельга да яе абыякавым быць. Трэба глядзець яе, паважаць, любіць. І яна дапаможа жыць і табе, і дзецям тваім, а яшчэ навучыць быць гаспадаром.
Старшыню паважаюць за такую працавітасць і гаспадарлівасць. На вёсцы нутро кожнага, як на далоні. І камень за пазухай не схаваеш, і душу добрую бачна. А калі табе наканавана з людзьмі працаваць… Тым больш, у такі нялёгкі час.
Рэгіён тут асаблівы. Спрадвеку шляхтай клічуць тыя крэсы Іўеўшчыны. Аднак працуе тая шляхта ад цямна і да цямна. Таксама спрадвеку заведзена, каб штосьці мець, дзецям дапамагчы.
Родам Эдуард Эдуардавіч з Крычнікаў. Хацелі з братам-блізнюком Юрыем у ваеннае вучылішча паступаць, насуперак жаданню маці бачыць іх спецыялістамі сельскай гаспадаркі.
Юрый не прайшоў медыцынскую камісію. Брат адзін не пажадаў там вучыцца. Абодва сталі настаўнікамі фізічнай культуры і спорту, прыехалі працаваць у свой раён. А далей ужо лёс рабіў карэктыроўкі ў жыцці…
Зараз, як мы ўжо казалі, Эдуард Эдвардавіч - старшыня Эйгердаўскага сельвыканкама, галоўны чалавек, які адказвае за жыццё людзей на сяле, асабліва старых, нямоглых, адзінокіх. Іх, на жаль, шмат. І яны любяць старшыню. Чаму? Эдуард Юхневіч кажа, што, гледзячы на іх, ён бачыць маці. Уяўляе ён і сябе ў старасці. Зараз, маўляў, пры ўладзе, ёсць машына, яшчэ малады адносна узрост. А потым? Калі не будзе сіл, будуць далёка, напрыклад, родныя людзі…Што тады? Таму імкнецца дапамагаць вяскоўцам. Бярэ, напрыклад, у старых грошы і , едучы па справах у Іўе, адначасна выпісвае ім дровы, брыкет, лекі прывозіць.
- Не ўпадзе з мяне карона, - кажа старшыня, - а ім жа так цяжка дацягнуцца з таго вакзала да паліўзбыту ці яшчэ куды. Я ім дапамагу, яны радуюцца. І няма нічога прыемней, чым гэтыя, шчаслівыя ад такой, здаецца, дробязі, старыя вяскоўцы. Хоць крыху аблегчыць ім жыццё.
Менавіта ў імя гэтага, як кажа Эдуард Эдвардавіч, ён і працуе. У імя таго, каб не даць згінуць вёсцы, якую ён так любіць, якая была яго ў шчаслівым дзяцінстве. Той вёскі, у якой па суботах падмяталі венікамі вуліцу, а летам немагчыма было прайсці ад малых веласіпедыстаў, што “ляталі” і пад раму, і на раме на кожным кроку. А вечарамі звінелі лавачкі пад вокнамі вяскоўцаў. Там гуляла моладзь. І дарослыя без асаблівай злосці засыналі пад іх то шаптанне, то звонкі смех, то песні, то гітары. У імя такой вёскі кожны з нас зрабіў бы ўсё. Аднак, яе, мабыць, ужо не вернеш. Таму на сённяшні дзень галоўны абавязак чалавека, дэлегіраванага дзяржавай быць тут гаспадаром, каб людзі маглі карыстацца сацыяльнымі гарантыямі, на якія маюць права.
Па-першае, паслугі гандлю. У аграгарадку Эйгерды дзве крамы: спажывецкага таварыства і прыватны магазін.
Ва ўсе астатнія населеныя пункты сельсавета ходзяць аўталаўкі. Панядзелак, серада, пятніца - аўтамагазін з Ашмянаў; у аўторак, чацвер, суботу прыязджае крама на калёсах індывідуальнага прадпрымальніка.
Старшыня трымае на кантролі ўсе пытанні, звязаныя з ганлёвым абслугоўваннем. Так, вадзіцель узяў моду спыняцца ў асобных вёсках толькі ў адным месцы. А вёска доўгая па працягласці. Людзям цяжка дайсці. Разабраўся старшыня, сазваніўся з куратарамі гандлю па гэтай тэрыторыі. Зараз усё добра. І не можа быць інакш. Эдуард Эдвардавіч нярэдка прыязджае спецыяльна ў час прыезду аўталаўкі. І з людзьмі добра пагаварыць, і паглядзець, што і да чаго, таксама ёсць магчымасць.
Раней дзейнічала на тэрыторыі сельсавета ўрачэбная амбулаторыя. Свой стаматолаг, акушэр, тэрапеўт і г.д. А затым, калі ў сельсавеце стала 280 чалавек (300 чалавек- умова для работы амбулаторыі), яе закрылі. І Эдуард Эдвардавіч да гэтае пары хвалюецца, успамінаючы, як не змаглі яны тады "адваяваць" амбулаторыю ад закрыцця.
Зараз на ФАПе працуе разумны, прафесіянальна здольны фельчар Таццяна Яўгенаўна Бралкоўская. Яна і аказвае тэрміновую медыцынскую дапамогу, прывозіць лекі, прымае хворых, ходзіць на выклікі.
Амаль з кожным адказным за той ці іншы участак работы з насельніцтвам старшыня бачыцца амаль штодня. Ёсць планавыя сустрэчы. А яшчэ - ранішнія. Перад пачаткам рабочага дня ён аб'язджае аграгарадок, каб пабачыць, што ў ім робіцца, ці не з'явілася чаго непатрэбнага за ноч. А непатрэбным бывае смецце на вуліцах ці ля хат, ці чалавек у непатрэбным стане. Са смеццем, балазе, зараз няма асаблівых праблем - кожны чацвер курсіруе па аграгарадку і іншых вёсках спецыяльная машына з камунгаса, якая збірае бытавое смецце…
Мы ехалі па ваколіцы і глядзелі на справы дзяржаўныя мясцовай улады. Пад'ехалі да могілкаў у вёсцы Даўгердзішкі, дзе працаваў "зялёны" рабочы, збіваў галіны, высокую траву. Адрамантавана агароджа, абкошаны праходы. Не абавязаны сельвыканкам рабіць тое, аднак, па-чалавечы, трэба, каб не парасці быллём ні на могілках, ні ў душы. Ён жа, старшыня, - свой, тутэйшы. Ён не можа інакш. За тое і паважаюць, любяць яго людзі.
Восень - не толькі час збору ўраджаю. Гэта яшчэ для ўлады і час непакою за адзінокіх і пажылых людзей, якім праблематычна пражыць у асенне-зімовы перыяд.
Хто меў патрэбу, хто жадаў сам, ужо адвезены на сацыяльныя койкі, у сацыяльныя прытулкі. Асобных забіраюць дзеці на зіму ў гарады. Эдуард Эдвардавіч заўважыў, што людзі, калі раптам ім становіцца зусім дрэнна ў іх дамах узімку, тэлефануюць яму, просяць дапамогі. І ён абавязкова ўладкоўвае сваіх старых падапечных на так званыя "зімовыя кватэры" дзяржавы.
Пабывалі мы і ў Такарышках, дзе зараз поўным ходам ідзе падрыхтоўка да рэканструкцыі помніка загінуўшым воінам.
…У Даўгердзішках, прынамсі, нашу ўвагу прыцягнуў дом, над якім ганарова лунаў на ветры дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь. На пытанне, хто там жыве, Эдуард Эдвардавіч з бачным задавальненнем адказаў: "Віктар Мікалаевіч Грабоўскі, амаль што стараста вёскі".
Гэты чалавек не стараста. Ён ураджэнец Даўгердзішак, мінчанін, які большую частку года жыве тут з жонкай. Гэта прынцыпіяльны, адказны, прамы чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, які, па словах старшыні, "дастае" усіх і кожнага, аднак толькі за справу. Ён сочыць за парадкам ў вёсцы, яго баяцца і слухаюць людзі з асацыяльнымі паводзінамі. Яго ніхто не ўпаўнаважваў. Але…Ён такі. І слава Богу! Знайшоў ў сельсавеце, у складскіх памяшканнях дошку, якая яшчэ ў 70-х гадах мінулага стагоддзя вісела на фасадзе бацькоўскай хаты (балазе, не выкінулі), падчысціў, падмаляваў і павесіў гэтую ганаровую шыльду: "Дом образцовой санитарии, культуры и быта".
Калі ён едзе ў Мінск, а з аўталаўкай выпадаюць якіясьці праблемы, жанчыны кажуць прадаўцу і вадзіцелю: "Няма на вас Грабоўскага. Вось пачакайце, прыедзе! Паставіць вас на патрэбнае месца.
-Так, - усміхаецца старшыня, - у яго асаблівы характар, але ён так патрэбен і мне, і людзям. Ён, як і Васіль Пятровіч Разумнюк з Залясоўшчыны,- людзі, на якіх можна спадзявацца. Гэта надзея і апора ўлады.
На маё пытанне адносна дзяржаўнага флага, Віктар Мікалаевіч расказаў, як некалі , яшчэ ў яго дзяцінстве, у вёску перад дзяржаўнымі святамі прывозілі з сельсавета два-тры флагі. Зараз сам купіў і павесіў назаўжды. Час такі. Трэба свайго трымацца. А калі яго хтосьці падсміхае, ён адказвае: "Гэта наш флаг. Каля яго калі не гімн спяваць, то перахрысціцца кожны абавязаны".
І гэты ж чалавек сказаў пра старшыню словы, якімі можна абагульніць партрэт чалавека, дзяржаўнага служачага.
У Даўгердзішкі прыехала наглядальная камісія ў машыне старшыні. А яго жонка йшла з цягніка праз лес. Падыйшоў ён і кажа: “Дапамажы, старшыня, няма чым сустрэць, а ногі яе зусім хворыя".
Юхневіч высадзіў сваю камісію і паехаў насустрач жанчыне.
- Ты чаго старшынёй камандуеш? - спытаў хтосьці з членаў камісіі.
- Я не камандую, - адказаў Віктар Мікалаевіч - я прашу. І вельмі ўдзячны, што мяне чуюць…
Вера ГУЛІДАВА. Фота СТАНІСЛАВА ЗЯНКЕВІЧА.